Старыя апавядалі, кажа баба Стася, што на Ігнацішскай гары закапаная бочка золата. Толькі ніхто не можа яе ўзяць, бо праклятае тое золата. Па начах, бывае, свеціцца яно. Хто ўбачыць гэты агонь, хутчэй уцякае з таго месца, бо праклятае золата прыносіць вялікую бяду, нават пагібель чалавеку. Я сама бачыла той агонь, апавядае бабуля. Неяк ехала я з працы на ровары дахаты, тады на спіртзаводзе ў Лынтупах працавала. Ужо поўнач была. Бачу, на Ігнацішскай гары нешта свеціцца. Стала цікава мне, маладая была. Прыпынілася я і гляджу. А там нейкі ланцужок віецца, як быццам гад паўзе. Ды зіхаціць ён такім зеленавата-блакітным агнём, аж вочы слепіць. Гляджу, а ланцужок той праз дарогу віецца і, раптам, да мяне паварочвае. Як далася я тады адтуль, дык не памятаю, як у хаце апынулася. Гісторыя з гэтым золатам вельмі даўняя. Мне яе яшчэ мой дзед расказваў, а яму – яго дзед. Адбылася яна аж ў Шведскую вайну. Прыйшло ў Лынтупы шведскае войска. Людзі лынтупскія па лясах пахаваліся, бо, вядома, вайскоўцы: і згвалціць могуць, і абрабаваць, ды,нават забіць. Шведскі генерал, што кіраваў тым войскам, бачыць: хаты ў Лынтупах усе адбудаваны багатыя. Адразу ён уцяміў, што людзі тут заможныя жывуць. А калі заможныя, дык і золата павінны мець. Загадаў ён сваім жаўнерам ператрэсці ўсе хаты, каб золата адшукаць. Ды дарэмна шведы свой час марнавалі. Людзі ўсё сваё багацце разам са скацінай у лясах пахавалі. Генерал той быў вельмі сквапны, прагны да грошаў. Не хацеў ён з пустымі кішэнямі з мястэчка выходзіць. Паслаў ён тады сваіх жаўнераў па лясах людзей лынтупскіх вылоўліваць. Ды дзе там! Лясы ў той час вакол мястэчка вялікія і непралазныя былі, непраходнымі балотамі перакрыжаваныя. Толькі мясцовыя жыхары ведалі ў іх патаемныя сцежкі. Шмат шведаў бясследна праглынулі тады тыя лясы і балоты. А тыя чужынцы, што змаглі вырвацца з таго зялёнага пекла, вярнуліся да свайго генерала ў мястэчка з пустымі рукамі. Але адчуванне вялікай здабычы не дало таму генералу адступіцца ад лынтупскага золата. Пайшоў ён тады на хітрасць. Раніцай вывеў ён сваё войска з мястэчка і накіраваўся ў бок Свіры. Людзі лынтупскія вёрстаў з дзесяць сачылі з лесу за шведамі. А тады, упэўненыя ў тым, што чужынцы сышлі, пад вечар вярнуліся са скацінай да сваіх хатаў. Генерал жа ноччу павярнуў сваё войска назад і пад раніцу ўзяў у кальцо мястэчка, пазбавіўшы людзей магчымасці схавацца. Толькі неба на ўсходзе пачала шарэць, як Лынтупы прачнуліся ад грукату вайсковых барабанаў, перадсмяротных крыкаў і ляманту. Не было каму абараніць бедных людзей ці знайсці дзе паратунку ад рабаўнікоў і гвалтоўнікаў. Не адну дзяўчыну пазбавілі чужынцы цнатлівасці, не адзін мужчына лынтупскі ахвяраваў сваім жыццём, баронячы сваю сям’ю. Тых жа местачкоўцаў, што засталіся жывымі, разам з дзецьмі сагналі шведы на плошчу ля касцёла. Па загаду генерала жаўнеры пачалі катаваць людзей, дапытваць, дзе схавана іхняе золата, бо апроч скаціны чужынцы у местачкоўцаў нічым не разжыліся. Узышло сонца, агледзела наваколле і жахнулася ўбачанаму. На местачковай плошчы ціха стагналі распятыя на крыжах людзі, курчыліся ў перадсмяротных сутаргах пасаджаныя на калы, нема крычалі расцягнутыя на дыбах, стаяў смурод ад паленага чалавечага мяса, валяліся акрываўленыя кускі чалавечай плоці, сярод камянёў местачковага бруку расцякаліся лужы крыві. Генерал аж кіпеў ад злосці і ўжо не ведаў, што рабіць. Яму не зразумелы быў гэты непакорны народ. З-за нейкага золата вытрымліваць такія катаванні! Ён дзівіўся моцы духу гэтых людзей. Як шляхціцы, так і простыя сяляне, што старэйшыя, што маладыя, нават юнакі мужна трывалі ўсе здзекі, якія ўчынялі над імі яго жаўнеры. Толькі ні адзін з гэтых людзей і словам не абмовіўся аб схаваным золаце. Не ведаў шведскі генерал, што не з-за сквапнасці сваёй не хацелі местачкоўцы развітацца са сваім золатам. Гэтае золата не адно стагоддзе набывала шмат папярэдніх пакаленняў лынтупчанаў. Кожная драбіначка яго была багата палітая рэчкамі поту паўсядзённай працы, морамі крыві жудасных бітваў з ардынцамі, крыжакамі, маскоўцамі, шведамі, казакамі, асманамі. Тут была слава Сініх Водаў і Клецка, Грунвальда і Крапіўны, Берасцечка і Кірхгольма, Магільна і Хоціма, Дурбе і Койданава. Для местачкоўцаў гэта золата было славутай рэліквіяй іх радоў, святой маёмасцю і памяццю іх продкаў. Не ведаў гэтага генерал і не хацеў ведаць. Нават за ганьбу свайго, шведскага народа, калі кароль і Вялікі князь гэтых людзей, якіх ён цяпер катаваў, устанаўліваў на яго радзіме свае парадкі, адпомсціць і не думаў. А не выключана, што і ўраджэнцы гэтага мястэчка разам са сваім каралём прыгняталі яго землякоў. Але гэта да генерала было не вартым ўвагі, бо галоўнае да яго было золата, золата і яшчэ раз золата. Але што рабіць, калі адчуваеш, як доўгачаканая здабыча недзе зусім побач, а ўзяць з-за гэтых упартых людзей не можаш? Якія толькі катаванні не выкарысталі да іх яго жаўнеры! А ўсё дарэмна. Маўчаць, як рыба! Выпадкова позірк шведскага генерала натрапіў на вежу тады яшчэ драўлянага касцёла. Адразу твар яго праясніўся, а вусны скрывіліся ва ўсмешцы. Тут жа генерал загадаў жаўнерам спыніць катаванні і дазволіць блізкім забраць параненых. Пасля, як лямант трохі сціх, праз перакладчыка звярнуўся да натоўпу: – Я не звер, не вырадак які. Я богабаязны чалавек і больш не магу глядзець на гэты жах! За ўсё, што тут адбылося, вініце толькі сябе! З-за нейкай нікчэмнай купкі металу, з-за сквапнасці сваёй, вы загубілі столькі чалавечых жыццяў, а колькі стала з-за гэтага калекамі! І гэта ўсё на вачах вашых дзяцей! Няма ў вашых душах ні літасці, ні Бога! Зараз вы ўсе будзеце адпушчаныя дахаты, толькі мне шкада вашых дзяцей! Я перакананы, што з-за сваёй скупасці вы іх нават не накорміце.- (Аб тым, што яго жаўнеры ў хатах гэтых людзей не пакінуілі нават скарынкі хлеба, генерал крывадушна прамаўчаў). – На жаль, я са сваімі жаўнерамі больш не магу затрымацца ў вашым мястэчку і прыглядзець за вашымі дзецьмі. Таму усе дзеці, якія могуць хадзіць, зберуцца цяпер у касцёле, дзе мае жаўнеры іх накормяць і дадуць ежы ім на некалькі дзён з сабой. Вы ж за гэты час, пакуль дзеці будуць снедаць, прыбераце плошчу, каб ім больш нічога не нагадвала гэту жудасную крывавую раніцу. Генерал абвёў позіркам натоўп і ўгледзеў сярод местачкоўцаў маладую кабету з чатырох-пяці гадовым хлапчуком і на пару гадоў старэйшай дзяўчынкай. Кабета моцна прыціскала абедзвюма рукамі сваіх дзяцей да спадніцы. Гледзячы на яе цвёрды, рашучы твар, здавалася, што ні адна жывая істота не адважыцца нават у думках паспрабаваць пакрыўдзіць яе крывінак. Генерал злез з каня і падышоў да іх. – Пані не супраць, что я ест частоват ваш сын? – звярнуўся ён да кабеты на ламанай ліцвінскай мове (у наш час гэтую мову называюць старажытна-беларускай). -Ходзь zu mier (да мяне-гоцк.). Хадзі до менья. Будэш смачно ест! – пазваў ён хлопчыка і працягнуў яму пернік. Ад водару прысмакаў у хлопчыка пацяклі слінкі. Ён згаладала праглынуў іх і запытальна паглядзеў у вочы маці. Ад гэтага погляду ў кабеты зашчаміла сэрца, відаць, матчына сэрца недзе ў падсвядомасці адчувала патаемную небяспеку. Але прамова генерала, працягнуты пернік і галодныя вочы сына прывялі яе ў стан разгубленасці. -Ідзі, Янка, можа хоць цябе накормяць… – у роспачы прамовіла яна сыну. Хлопчык баязліва наблізіўся да працягнутага перніка, але моцны голад пераадолеў страх і ён маланкава выхапіў з рук генерала прысмаку, ды як драпежны звярок шмыгануў пад падол маці. Праз хвіліну з-пад спадніцы кабеты высунуўся акруглы тварык малога і два блакітных агеньчыкі вачэй зноў утаропіліся на генерала. -Ходзь тутэй! На, брац яшчэ! Вельмі смачон! – пачаў падзываць малога швед, працягнуўшы яму яшчэ адзін пернік. Янка, ужо без боязі, падбег да чужынца, узяў пернік і спакойна пайшоў да яго на рукі. Генерал з хлопчыкам на руках ускочыў на каня і ўжо ў сядле пачаў забаўляцца з малым. Ён то ласкатаў, то на працягнутых руках падымаў яго высока ўверх. Па плошчы зазвінеў радасны смех Янкі. Паўсюдна з-за постацей дарослых высунуліся зайздрослівыя тварыкі дзяцей, якія не адводзілі вачэй ад генерала і …
читать дальше →