«Не здзіўляюся, што тата не назваў свае дадзеныя міліцыянтам»
Невядомы арыштант — 63-гадовы былы альпініст і інжынер з Мінска. Спадар Валянцін дагэтуль ходзіць у паходы, тры разы на тыдзень бегае па 10 кіламетраў і адзявае кашулю з кароткім рукавом пры тэмпературы +10.
Сёння дзецям затрыманага паведамілі, што ён адбывае адміністратыўны арышт у ЦІП на Акрэсціна.
Цімашэнка тры дні адмаўляўся называць сваё прозвішча пасля затрымання падчас мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка. Дагэтуль дадзеныя арыштаванага не фігуравалі ў спісах затрыманых. Родныя сп. Валянціна тры дні шукалі яго па аддзяленнях міліцыі, ізалятарах і СІЗА.
— Мы пачалі хвалявацца, калі Валянцін перастаў выходзіць на сувязь 25 сакавіка. Апошні раз цесць патэлефанаваў нам у 14 гадзін і сказаў, што знаходзіцца на Акадэміі навук і вакол затрымліваюць без разбору людзей. Мы папрасілі яго сысці, але надта ў яго справядлівы характар і ён застаўся. Напэўна, вырашыў кагосьці выцягнуць адтуль, — гаворыць Раман Аўласенкаў, зяць Валянціна Цімашэнкі.
Дачка Валянціна, Алена, гаворыць, што яшчэ 25-га ўвечары ім патэлефанаваў сябар і сказаў, што бацька застанецца да суда за кратамі. Ад відавочцаў затрымання стала вядома, што ў спадара Цімашэнкі пашкоджаны рэбры і ёсць праблемы са здароўем.
— Мы трошкі супакоіліся, калі бачылі інфармацыю, пра чалавека, які адмаўляўся сябе называць. Праўда, калі на нейкім інфармацыйным рэсурсе прачыталі пра дастаўленага ў шпіталь і збітага Валера — ледзь не звар’яцелі. Высветлілася, што гэта не Цімашэнка Валер, а Валер Шчукін. Больш сітуацыя праяснілася, калі Павал Белавус, якога судзілі за акцыю 26-га распавёў, што сядзеў у адной камеры з Валянцінам, былым альпіністам, які адмаўляецца сябе называць. Пачалі тэлефанаваць на Акрэсціна з таго часу, — сказала Алена Аўласенкава.
У аўторак родныя датэлефанаваліся ў ЦІП, дзе ім сказалі, што асоба бацькі высветлена. Праз дзве гадзіны адбыўся суд. Суд Ленінскага раёна прысудзіў Валерыя Цімашэнку да 15 сутак адміністратыўнага арышту.
Імаверна, што суд адбыўся без удзелу родных, сведак і адваката. Сёння ў ЦІП пацвердзілі, што Валянцін Цімашэнка знаходзіцца ў іх і прынялі перадачу. Адміністрацыя ўстановы адмовілася перадаваць арыштанту цёплыя рэчы.
— Не здзіўляюся, што тата не назваў свае дадзеныя міліцыянтам. Напэўна, не казаў нічога з-за беспадстаўнасці затрымання. Не ведаю, ці запалохвалі чым бацьку ці не, але ён не з пужлівых. У мінулым годзе ён з сябрамі хадзілі ў паход на Каўказ. Да іх у намёт ледзь не ўварваўся мядзведзь. Вось гэта быў экстрэмальны выпадак, іншы ад страху памёр бы і запанікаваў. А яны сцішыліся, перачакалі і працягнулі паход, — падсумавала Алена Аўласенкава.
