Супраць блогера Ігара Лосіка пачата крымінальная справа за арганізацыю масавых беспарадкаў
Адміністратар суполкі «РБ головного мозга» знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Менску. Яго затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу ў ягонай кватэры.
На затрыманага 25 чэрвеня адміністратара суполкі «РБ головного мозга» Ігара Лосіка завялі крымінальную справу па артыкуле за арганізацыю масавых беспарадкаў, паведаміла „Свабодзе” жонка затрыманага Дарʼя Лосік. Ігар Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Менску. Яго затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу ў ягонай кватэры.
На канал «РБ головного мозга» падпісана 167 тысяч чалавек. Ён актыўна асвятляе падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзідэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманні падчас «ланцуга салідарнасці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня. На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна», па краіне за чатыры дні было затрымана больш за 360 чалавек.
Фота: svaboda.org