У Сусветны дзень паэзіі тэлеканал “Беларусь 3” прапануе тэматычны эфір
21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. З нагоды святочнай даты эфір тэлеканала “Беларусь 3” напоўняць тэматычныя выпускі любімых перадач, а ў міжпраграмных перапынках прагучаць вершы.
Сацыякультурны тэлеканал Белтэлерадыёкампаніі падрыхтаваў пазнавальныя расказы пра літаратурнае асяроддзе. Так, 21 сакавіка ў 11:15 рэжысёр Уладзімір Арлоў у сваёй аўтарскай праграме “Люблю і памятаю” пакажа рэдкія архіўныя кадры і распавядзе пра пісьменніка, паэта, перакладчыка, заслужанага дзеяча культуры БССР С. Грахоўскага. А вечарам у 23:45 адна з серый праекта “Асобы” пазнаёміць з Ф. Багушэвічам – выбітным паэтам ХІХ стагоддзя, адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, якога часта называюць мужыцкім адвакатам.
У межах тэматычнага эфіру на “Беларусь 3” дзіцячыя перадачы “Дабраранак” і “Калыханка” прапануюць увазе маленькіх гледачоў мультфільмы вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Так, раніцай анімацыйная стужка “Я тайну ў глыбіні душы хаваю… Максім Багдановіч” пазнаёміць з выдатным майстрам слова, а вечарам будзе паказаны мультфільм “Светлячок і Расінка”, створаны па матывах казкі М. Танка.
Галоўным падарункам аматарам паэзіі стануць міжпраграмныя відэаролікі, у якіх прагучаць вершы “Мне сніўся сон” А. Куляшова, “Быць паэтам” С. Грахоўскага і “Спадчына” Я. Купалы.