У Лунінцы з акна кватэры на 9 паверсе выпаў малады міліцыянт. Ён загінуў
Здарэньне адбылося ў ноч на 2 сакавіка. У выніку 23-гадовы лунінчанін, які працаваў у райаддзеле міліцыі на афіцэрскай пасадзе, загінуў.
Пра гэта паведамляе Мэдыя-Палесьсе.
«2 сакавіка прыблізна а 4.00 раніцы ў апэратыўна-дзяжурную службу Лунінецкага РАУС паступіла паведамленьне пра тое, што паблізу аднаго са шматпавярховых дамоў горада выяўлены мужчына з траўмамі, характэрнымі для падзеньня з вышыні», — пракамэнтаваў рэсурсу афіцыйны прадстаўнік УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Дучанка.
На месца здарэньня была накіравана сьледча-апэратыўная група Лунінецкага РАУС.
Папярэдне ўстаноўлена, што 23-гадовы мужчына выпаў з акна кватэры, разьмешчанай на 9 паверсе. Ён быў дастаўлены брыгадай хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Лунінецкую ЦРБ, дзе каля 6.00 сканаў.
Па факце праводзіцца праверка. Прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза, усе абставіны няшчаснага выпадку высьвятляюцца.