У Мастах хочуць адкрыць прытулак для бяздомных сабак
Ужо двойчы мастаўляне прыходзілі на прыём да старшыні райсавета з просьбаю вырашыць праблему прытулку для бяздомных сабак у горадзе.
Па словах ініцыятараў, ім неабходны толькі дазвол на гэта ўладаў, а ўсю ініцыятыву ў гэтым плане яны бяруць на сябе і мастоўскую грамадскасць.
Гэта тэма вартая ўвагі. Гараджане, каб уцешыць сваіх дзетак ці сябе, бяруць на выхаванне (сярод іншай жыўнасці) катоў і сабак. Потым жывёлы ім надакучваюць, і іх выкідаюць на вуліцу.
Калі казаць пра катоў, то яны больш арганізаваныя, і іх дабразачлівыя мастаўляне штодня кормяць. Хатні сабака, наадварот, не звыклы да вулічнага жыцця, і таму ён шукае спажыву, дзе можа.
Адзіная нябяспека для гараджан – час так званых “сабачых вяселялляў”, калі зграя збіраецца ў дзясятак і болей сабак. Аднак у далейшым бяздомныя сабакі, у асноўным, не праяўляць агрэсіўнасці, а шукаюць спажыву на сметніках.
На сённяшні дзень ініцыятыву стварэння прытулку для бяздомных сабак у Мастах падтрымалі болей за 500 чалавек. Яны гатовы дапамагаць грашыма і даглядаць сабак.
Засталося толькі вызначыць месца сабачаму прытулку.