Сяргей Бурак: вырак канчатковы, абскарджванню не падлягае
7 чэрвеня суд Мастоўскага раёна пад старшынствам Віталя Сінілы і з удзелам дзяржаўнага абінаваўцы Міхала Разуваева вынес вырак мастаўляніну Сяргею Бураку — два гады так званай у народзе “хіміі”. Прысуд вынесены згодна ч.1 арт.386 і арт. 370 КК РБ.
Віна Бурака ў тым, што на працягу некалькіх месяцаў у сеціве даваў каментар пад малюнкамі незнаёмых яму аўтараў.
27 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд яго апеляцыйнай скаргі.
Нягледзячы на тое, што Сяргей Бурак з’яўляецца фінансава і эканамічна ўтрымальнікам трох сем’яў (сваёй і двух дочак, што знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку) і прадставіў аб тым дакументы, пракурор не прыняў тое да ўвагі і палічыў, што правіннасць падсуднага даказана і няма неабходнасці мяняць рашэнне суда першай інстанцыі. Судзейская калегія пагадзілася з яго прапановаю.