У Пятралевічах на Слонімшчыне цягнуць водаправод за кошт жыхароў, а на Пятралевіцкай гары ідзе добраўпарадкаванне за грошы мясакамбіната
У прыгараднай вёсцы Пятралевічы блізіцца да завяршэння будаўніцтва водаправода, а на Пятралевіцкай гары тым часам добраўпарадкуецца прылеглая да помніка расстраляным падчас Другой сусветнай вайны мясцовым жыхарам тэрыторыя.
Водаправод у Пятралевічах будуецца ў асноўным за кошт жыхароў вёскі.
За цэнтральную трубу кожны забудоўшчык мусіць заплаціць Слонімскаму водаканалу 1200 рублёў.
За калодзежныя трубы ў разліку на чатырох гаспадароў патрэбна аддаць яшчэ больш як 500 рублёў.
Траншэю ад цэнтральнай трубы да хаты мусіць кожны капаць сам ці наймаць прыватны экскаватар. Ад агульнага калодзежа на вуліцы да хаты кожны гаспадар сам купляе водаправодную пластыкавую трубу для пітной вады.
23 красавіка метр такой трубы ў краме на рынку каштаваў 1 рубель 28 капеек.
На вуліцы
Калі ўсё набыта і труба падведзена да хаты, трэба засыпаць траншэю з трубой і навесці парадак на вуліцы і прылеглай тэрыторыі. Тым жыхарам Пятралевіч, якія жывуць на другі бок вуліцы ад цэнтральнай водаправоднай трубы, давялося яшчэ купляць металічную 5-метровую трубу за 50 рублёў, каб прабіць ёй дарогу пад асфальтам для сваёй прыватнай трубы.
Праца молатам, калі прабіваеш металічнай 35-міліметровай трубой даўжынёй у 5 метраў грунт пад асфальтам на глыбіні 1,7 метра — яшчэ тое задавальненне!
Калі канец тваёй водаправоднай трубы ўжо падведзены да хаты, час плаціць за праект унутранага водаправода. Спецыялісты водаканала цяпер намалююць гэты праект індывідуальна за 300 рублёў цягам прыкладна двух месяцаў. Калі рабіць такі праект разам з суседзямі, то кожны заплаціць прыкладна на 100 рублёў менш, запэўніла аўтара гэтых радкоў спецыяліст водаканала.
Калі праект будзе гатовы і аплачаны — кожны гаспадар на свой густ і за свае сродкі можа праводзіць ваду непасрэдна ў хату. Для небагатых жыхароў Пятралевіч такі водаправод атрымліваецца залатым.
Побач з першымі Пятралевічамі, на Пятралевіцкай гары, камунальшчыкі пазрэзвалі аварыйныя дрэвы і дрэвы з амялой, пазбіралі смецце і добраўпарадкуюць тэрыторыю вакол помніка-стэлы забітым у апошнюю вайну габрэям, палякам і беларусам.
На Пятралевіцкай гары
Рабочыя кладуць там новую плітку і бетонныя бардзюры. Цікава, што сёлета на гэтыя мэты Слонімскі мясакамбінат выдзеліў 40 тысяч рублёў.