«Гроднажылбуд» прапануе мастаўлянам квадратны метр за 1209 рублёў
Як паведамляе сайт Мастоўскага райвыканкама, напрыканцы мінулага месяца «Гроднажылбуд» распачаў будаўніцтва 72-кватэрнага дома №2 на праспекце Міру. А кошт квадратнага метра ў ім на 400 рублёў большы, чым у першым пабудаваным «Гроднажылбудам» доме.
Будынак двухмодульны. У ім 18 аднапакаёвых і трохпакаёвых кватэр і 36 — двухпакаёвых. Дом мае быць здадзены 31 снежня.
Што да аздобы, то на сценах шпалеры, унутраныя дзверы драўляныя, на кухні — лінолеум на падлозе, столь будзе пафарбавана акрылавай фарбай. Як было і 40 гадоў таму назад. І за ўсё гэта пакупнікі жылля вымушаны будуць заплаціць 1209 рублёў за кв. м.
Відаць, мінулы вопыт продажу жылля ў Мастах «Гроднажылбуд» нічому не навучыў. Нагадаем, «Гроднажылбуд» 26.09.2016 года здаў у эксплуатацыю па праспекце Міру, 18 72-кватэрны дзевяціпавярховы дом. Да новага года толькі пяць сямей набылі ў ім кватэры.
Дом №1 на праспекце Міру ў Мастах, дзе яшчэ не прададзены пяць кватэр
Прычыны адна — жыллё дарагое. Людзі пераехалі туды жыць, аднак па ўмовах эксплуатацыі да засялення дома пэўнай колькасці жыхароў камунікацыі (вада, газ) не павінны падключацца. Пра гэта ў свой час пісала «ГС». Аднак наймальнікам кватэр у парушэнне нормаў падалі газ і ваду.
Паколькі продаж кватэр без пасрэдніка не даў вынікаў, то да продажу быў падключаны райвыканкам. На сённяшні дзень, згодна з сайтам «Гроднажылбуду», у гэтым доме застаюцца непрададзенымі пяць кватэр. Пакупнікі іх павінны заплаціць ад 42 да 49 тысяч рублёў.
Кошт квадратнага метра кватэры першага дома, што пабудаваў у Мастах «Гроднажылбуд», складае прыкладна 780 рублёў, а дома №2, які будуецца побач, на 400 рублёў большы.
Як будзе ісці продаж тых кватэр, пакажа час.