«Патрэбна 9 млн эўра, каб забясьпечыць палітвязьняў мінімальнымі перадачамі»
Сёньня ў Варшаве адбыўся другі дзень слуханьняў у справах палітычных вязьняў. Слуханьні зладзіла Каардынацыйная рада. Трансьляцыя адбывалася онлайн.
Ганна Краўчанка з фракцыі Каардынацыйнай рады «Моладзевы наступ» прыгадала, што ў Беларусі сёньня 1674 палітвязьняў. 1200 палітвязьняў ужо адбылі свае прысуды. Некаторых пасадзілі паўторна.
«Каб забясьпечыць гэтых палітвязьняў мінімальнымі перадачамі патрэбна 9 млн эўра, для тых хто сядзіць цяпер. Гаворка ідзе толькі аб перадачах, не ўлічваецца юрыдычная дапамога, ні падтрымка сем'ям, якія страцілі карміцеляў, таму што ў асноўным гэта мужчыны». – сказала Краўчанка. Яе цытуе Польскае радыё.
Яна дадала, што гэта велізарная сума, але яе зьбяруць сваякі палітвязьняў, не чакаючы палітычных рашэньняў, бо іншага выйсьця ў іх няма.
Па інфармацыі Краўчанкі, 34 палітвязьні выйшлі раней, чым скончыўся тэрмін іх зьняволеньня, і яны гэта зрабілі без спрыяньня дэмакратычных сіл.
2 — 3 сьнежня адбываліся слуханьні Каардынацыйнай рады ў пытаньнях пазыцый, падыходаў, стратэгіі вызваленьня палітвязьняў.
Паводле стану на канец лістапада ў Беларусі было 1452 палітвязьні, прызнаных праваабарончай супольнасьцю (паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай).
Акрамя таго, па стане на канец кастрычніка яшчэ каля 1300 палітвязьняў з 2020 году ўжо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьмяненьнем меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, або ў сувязі з памілаваньнем.