У кватэру журналісткі Кацярыны Пытлевай другі раз прыходзілі з ператрусам
![У кватэру журналісткі Кацярыны Пытлевай другі раз прыходзілі з ператрусам](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2021/09/Кацярына-Пытлева.jpg)
Першы вобшук прайшоў 7 верасня, журналістка ахарактарызавала яго як пагром.
Беларускую журналістку Кацярыну Пытлеву падазраюць у закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. За такія дзеянні пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Пра гэта журналістка паведаміла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. 24 верасня ў ейнай менскай кватэры прайшоў другі вобшук. Кацярына піша: „Гэтым разам прыйшлі быццам бы з КДБ, дзверы, на шчасце, не ламалі. Мяркуючы па іх рэакцыі, убачыць наступствы папярэдняга вобшуку яны не чакалі, нават здзіўлена пыталіся, маўляў: „І гітару таксама яны зламалі, і заплечнікі парэзалі?!”
Першы вобшук прайшоў 7 верасня, журналістка ахарактарызавала яго як пагром. Пытлева эмігравала разам з мужам і дзецьмі ў адну з еўрапейскіх краін у 2020 годзе, баючыся пераследу з боку ўладаў. Цяпер яна вядзе выпускі навін на youtube-канале „Маланка медыя”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/katerina.pytleva