Паўлу Севярынцу зноў падоўжылі „следства”
Як мінімум да 20 лютага 2021 года незаконна зняволены палітык застанецца за кратамі.
Паўлу Севярынцу зноў падоўжылі ўтрыманне пад следствам па заведзенай на яго крымінальнай справе. Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку яго жонка Вольга Севярынец. Яна напісала наступнае: „Сёння прыйшоў ліст з гэтай „радаснай” навіной. Паша піша: „У пятніцу, 18 снежня мяне павялі да „следчага”: зноў новы. Чаму, пытаю, без адваката? А, кажа, тут адваката ня трэба. Любыя працэсуальныя дзеянні, кажу, толькі ў прысутнасці адваката. Прадстаўцеся. Назваў ён сябе, аказаўся з Круглянскага раёну (Магілёўскай вобласці) – відаць, у Менску жадаючыя скончыліся. Дае мне пастанову, падпісаную намеснікам ген. пракурора Шведам, пра „працяг следства” да 20 лютага 2021 года. „Падпішыце”. Нічога, кажу, я падпісваць не буду, гэта беззаконне. За фабрыкацыю крымінальнай справы будзе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. Вы, кажу, лепш займіцеся заявамі ад мірных грамадзянаў, якіх на вуліцы збіваюць невядомыя ў чорным…”.
Напомнім, што Павел Севярынец прызнанаы праваабарончай супольнасцю палітычным вязнем.
Беларускае Радыё Рацыя