Абсталяванне кампаніі Sandvine блакавала інтэрнэт у Беларусі
Выданне Bloomberg правяло ўласнае расследаванне.
Амерыканская кампанія Sandvine, чыя прадукцыя дапамагла „заблакаваць” інтэрнэт у Беларусі ў жніўні, сутыкнулася з негатыўнай рэакцыяй на свае дзеянні. Таксама ў рэдакцыю выдання Bloomberg трапіў запіс канферэнцыі, праведзенай для супрацоўнікаў арганізацыі, дзе кіраўніцтва Sandvine прызнала, што іх абсталяванне можа выкарыстоўвацца для блакаванняў і цэнзуры.
У прыватнасці, у дакументах, якія ёсць у распараджэнні Bloomberg, паказваецца, што Sandvine пастаўляла сваё абсталяванне ў Беларусь праз асноўнага падрадчыка – расейскую кампанію «Инфосистемы Джет”, якая ў пачатку 2019 года заключыла здзелку з беларускім урадам на суму ў 2,5 мільёна даляраў.
Паводле дакументаў, тэхніка Sandvine была ўсталяваная на двух аб’ектах у Менску, дзе Нацыянальны цэнтр абмену трафікам «выкарыстоўвае яе для кіравання інтэрнэт-актыўнасцю краіны». Дадзенае абсталяванне дало магчымасць заносіць у чорны спіс да 150 мільёнаў URL-адрасоў вэб-сайтаў. Кампанія «Инфосистемы Джет” не адказала на паведамленні выдання з просьбай пракаментаваць сітуацыю.
У НЦАТ ад каментароў таксама адмовіліся, і ў МУС Беларусі не адказалі на запыты Bloomberg.
Беларускае Радыё Рацыя