Максіма Субача пакаралі за надпіс на асфальце
Судовы працэс адбыўся ў мінулую сераду ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, але азнаёміцца з матэрыяламі справы адвакатцы дазволілі толькі сёння, 23 ліпеня, пасля абеду.
«Хопіць трываць Лу…» За гэты надпіс на асфальце музыку Максіма Субача асудзілі на 10 сутак арышту.
Судовы працэс адбыўся ў мінулую сераду ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, але азнаёміцца з матэрыяламі справы адвакатцы дазволілі толькі сёння, 23 ліпеня, пасля абеду. Абаронцу для Субача знайшоў Беларускі ПЭН-цэнтр. Гаворыць першая намесніца старшыні Таццяна Нядбай:
– Максіма затрымалі ўначы апалове на трэцюю, з нядзелі на панядзелак, падчас таго, як ён балончыкам напісаў на асфальце і гэты надпіс быў: “Хопіць трываць Лу!” Дакладней: “Хватит терпеть Лу!» Па надпісу мы бачым, што Максім не паспеў яго завяршыць. Гэта Даўгінаўскі тракт 30. Можа быць хтосьці туды можа даехаць. Мне вельмі смешна, таму што часта карныя дзеянні ўладаў, якія яна прадпрымае, асабліва за свабоду выказвання, толькі даюць магчымасць гэтым выказванням шырэй разысціся. Гэты надпіс маглі пабачыць толькі людзі, якія там ходзяць, а зараз ужо пра яго даведаюцца і слухачы Радыё Рацыя.
Згодна з законам, Максіма Субача павінны выпусціць з менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў уноч з 29 на 30 ліпеня, калі скончыцца адміністрацыйны арышт. Субач вядомы сваім удзелам у музычных праектах TonqiXod і Subtonans (Субтананс). Падчас бягучае прэзідэнцкае кампаніі ён стаў сябрам ініцыятыўнае групы Віктара Бабарыкі.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя