У Менску біскупы не будуць бласлаўляць стравы на велікодны стол
Анансаванага раней бласлаўлення страваў на велікодны стол у Вялікую суботу 11 красавіка, якое меліся здзейсніць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі, не будзе.
Як паведаміла 8 красавіка Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у сувязі з пандэміяй каронавірусу традыцыйнага бласлаўлення велікодных страваў біскупамі ў сталічных парафіях сёлета не будзе.
Бласлаўленне адменена з мэтаю пазбегнуць збору вялікай колькасці людзей адначасова, што зазвычай адбывалася пры пасвячэнні велікодных страваў біскупамі.
Парадак бласлаўлення велікодных страваў у парафіях вызначаюць пробашчы, кіруючыся разважлівым падыходам і духоўным дабром даручаных іх душпастырскай апецы вернікаў.
Акрамя таго, у выключнай сітуацыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спецыяльным Дэкрэтам дазволіў вернікам сёлета здзейсніць бласлаўленне велікодных страваў у хатніх умовах.