Гандбольная зборная Беларусі выйшла ў асноўны раўнд ЧЕ
Мужчынская гандбольная зборная Беларусі выйшла ў асноўны раўнд чэмпіянату Еўропы. Прычым зрабіла гэта ў бліскучым стылі. Пасля вікторыі над сербамі і паразы ад харватаў камандзе Юрыя Шаўцова для выхаду ў тузін мацнейшых дружын кантыненту дастаткова было згуляць унічыю са зборнай Чарнагорыі.
Рэальнасць пераўзышла чаканні, Цягам сустрэчы з чарнагорцамі беларусы мелі вялізную перавагу. Нават цяжка прыпомніць аналагічны матч у фінальнай стадыі з удзелам зборнай Беларусі. Пасля першага тайму Беларусь была наперадзе на 6 мячоў. Пасля перапынку перавага нашай каманды была яшчэ больш відавочнай. У выніку упэўненая перамога з лікам 36:27.
Лепшым гульцом сустрэчы прызнаны Мікіта Вайлупаў – 7 галоў.
Беларусь выйшла ў асноўны раўнд Еўра, куды трапяць 12 мацнейшых дружын кантыненту з 24-х. Цікава, што ніхто з суседзяў Беларусі – зборныя Расеі, Латвіі, Польшчы, Украіны – не здолеў гэтага зрабіць.
Беларускае Радыё Рацыя
