Уладзімір Малей: Ведаю гэтага чалавека даўно і лічу яго абсалютна здаровым
Пенсіянер Міхаіл Быхавец, які з 2014 года ваюе за прысядзібны участак ля свайго вясковага дома з суседам, трапіў у абласную псіхіятрычную бальніцу “Гарадзішча”. Куды быў завезены хуткай з будынка Пінскай раённай міліцыі.
Карная псіхіятрыя ў Пінску ў дзеянні. Пенсіянер Міхаіл Быхавец, які з 2014 года ваюе за прысядзібны участак ля свайго вясковага дома з суседам, трапіў у абласную псіхіятрычную бальніцу “Гарадзішча”. Куды быў завезены хуткай з будынка Пінскай раённай міліцыі.
Яго зазвалі ў міліцыю нібыта для размовы з участковым. Калі Быхавец прыйшоў, выклікалі хуткую, кажа Міхаіл Быхавец:
– Ніхто мне нічога не казаў. Мяне адразу адтуль забралі і прывезлі ў псіхіятрычны шпіталь у „Гарадзішча”. Я не ведаю тых урачоў, яны мне не прадставіліся. Тры мужчыны.
Загадчык аддзялення гарадзішчанскай псіхбальніцы Яўген Тураў схільны думаць, што нармальны так доўга безвынікова змагацца не стане. А яшчэ падазрэнне на хваробу ўказвае адсутнасць кантактаў дзяцей з бацькам, які даўно разышоўся з іх маці, кажа Тураў:
– Напэўна недзе пабачылі псіхічныя адхіленні. Калі ён пагрозы выказвае. У тым ліку і праваахоўным органам. Ніхто яму дыягназ не будзе ставіць, калі яго няма. А калі ёсць расстройства, то яно будзе яму выстаўлена. У нас няма мэты яму дыягназ “скляпаць”. Колькі ён ужо змагаецца за гэты участак? Чаму дасёння так і не вырашалася гэтае пытанне?
Паводле прававога інспектара прафсаюза РЭП Уладзіміра Малея, улада не вырашаючы праблем грамадзян, стала прыбягаць да дапамогі псіхіятараў. Гэта старая практыка яшчэ з часоў Савецкага Саюза, калі людзей не згодных з уладай, якія шмат скардзіліся, каб дамагчыся справядлівасці, змяшчалі ў псіхбальніцы. Малей шмат дапамагаў Быхаўцу ў вырашэнні яго праблемы, добра ведае гэтага чалавека і лічыць яго абсалютна псіхічна здаровым.
Беларускае Радыё Рацыя