Пра што дамовіліся беларускія дэмакратычныя сілы на „Шляху да Волі” у Кіеве?
Арганізаваная Фондам Кастуся Каліноўскага канферэнцыя „Шлях да волі” прайшла ў Кіеве 29-га лістапада. Паводле парадку дня, планавалася прыняць агульную стратэгію прадстаўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху і сфармаваць каардынуючую пляцоўку для рэалізацыі стратэгіі. Аднак выніковы Мемарандум, які б замацоўваў тое, так і не быў падпісаны ўсімі заяўленымі арганізацыямі.
Прычыну патлумачыў удзельнік сустрэчы, кіраўнік Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў:
– Чаму Аб’яднаны пераходны кабінет не падпісаў, гэта звязана з тым, што пытанні мемарандуму не да канца ўзгоднены ўнутры кабінета, але ёсць шанец далучыцца пазней. Я думаю, што магчыма Аб’яднаны пераходны кабінет таксама далучыцца да гэтага. Аб’яднаны пераходны кабінет уваходзіў у аргкамітэт разам са Святланай Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай.
Пра настроі беларускіх добраахвотнікаў і ўкраінскіх дэпутатаў на сустрэчы распавёў сябар Каардынацыйнай рады, прадстаўнік ініцыятывы „РУХ” Ян Рудзік:
– Дэпутаты Украіна сказалі, што накіравалі лісты пра спецыяльнага чалавека ад Украіны для Беларусі. Сказалі, што яны адкрытыя да супрацы, але зараз наўпрост на такім ужо вельмі высокім узроўні не атрымліваецца мець кантакт. Яны ўсё яшчэ не бачаць суб’ект, а бачаць гэтую разрозненасць беларускіх дэмсілаў. Трэба быць больш кансалідаванымі, каб удалося паразмаўляць.
Падчас канферэнцыі таксама прадстаўнік Палка Каліноўскага прадставіў справаздачу па сабраных грошах і патрэбах палка. Былі агучаны канкрэтныя сумы: за паўгады на забеспячэнне баявой адзінкі пайшло больш з 7 мільёнаў грыўняў наяўнымі, больш за 20 мільёнаў грыўняў праз электронныя плацяжы, а таксама крыптавалюта.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Каардынацыйнай Рады і „Шлях да Волі”
Artykuł Пра што дамовіліся беларускія дэмакратычныя сілы на „Шляху да Волі” у Кіеве? pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
