Украіна стварае міжнародны альянс абаронных індустрый
«Мы распрацавалі адпаведную базавую дэклярацыю як аснову Альянсу, да яе могуць далучыцца вытворцы зброі і ваеннай тэхнікі ва ўсім сьвеце, якія падзяляюць наш намер даць абарону ад агрэсіі ў рызыкоўных умовах сучаснасьці», — заявіў Зяленскі на першым форуме абаронных стратэгій у Кіеве.
Паводле Зяленскага, у форуме ўзялі ўдзел 252 абаронныя кампаніі зь 30 краінаў сьвету, і Ўкраіна зацікаўленая ў лякалізацыі вытворчасьці зброі і тэхнікі замежных кампаній.
Таксама Зяленскі распавёў, што падчас нядаўняга візыту ў ЗША дамовіўся з прэзыдэнтам Джо Байдэнам аб сумеснай вытворчасьці зброі. Акрамя таго, Зяленскі заявіў, што Ўкраіна створыць першы ў сьвеце флёт марскіх дронаў.
МЗС Украіны паведамляе, што да альянсу па вытворчасьці зброі ўжо далучыліся 38 кампаній з 19 краін. Сьпіс краінаў і кампаній не прыводзіцца.
