Палітвязня Юрася Зянковіча адправілі ў ШІЗА, ён абвясціў галадоўку
На палітзняволенага адваката Юрася Зянковіча ціснуць у бабруйскай калоніі, са спасылкай на сястру вязня Аксану Дзікі піша «Маланка». Паводле яе слоў, турэмная адміністрацыя прымушала Зянковіча выносіць вёдры з фекаліямі і мыць прыбіральню, а калі той адмовіўся – яго адправілі ў ШІЗА.
Палітвязень правёў там 8 дзён і абвяшчаў галадоўку. Таксама сястра адзначыла, што на мінулым тыдні да Зянковіча ў калонію не здолеў трапіць адвакат, імаверна, якраз з прычыны таго, што падабаронны быў у ШІЗА. Юрася Зянковіча раней асудзілі на 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў справе аб «змове» разам з Рыгорам Кастусёвым і Аляксандрам Фядутам.
Юрыста асудзілі 2 верасня мінулага года. Ён абвінавачваўся ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады ды распальванні сацыяльнай варожасці.Затым на яго завялі новую крымінальную справу – за «абразу прадстаўніка ўлады».
Artykuł Палітвязня Юрася Зянковіча адправілі ў ШІЗА, ён абвясціў галадоўку pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
