У Менску судзяць удзельнікаў перадвыбарных пікетаў
У судзе Цэнтральнага раёна Менска 5 снежня праходзяць працэсы ў дачыненні як мінімум сямі ўдзельнікаў вулічных акцый, якія прайшлі 8 і 16 лістапада ў рамках перадвыбарных пікетаў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты парламента, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Гаворка ідзе пра ініцыяваную блогерам Nexta акцыю 8 лістапада, якая прайшла падчас калектыўных пікетаў апазіцыйных кандыдатаў за сталічнай ратушай, а таксама пра арганізаваную 16 лістапада грамадзянскай кампаніяй „Еўрапейская Беларусь” акцыю „Сустрэча свабодных людзей” у рамках пікета Алены Талстой на плошчы Свабоды і плошчы Незалежнасці.
Суды за правапарушэнні, прадугледжаныя арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства), за ўдзел у акцыі 8 лістапада праходзяць у дачыненні да актывісткі Анастасіі Гусевай і блогера Уладзіміра Цыгановіча, у акцыі 16 лістапада — палітыка Паўла Севярынца і актывістаў Андрэя Кудзіка, Арцёма Чарняка, Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля.
Праваабаронцам таксама вядома, што ў судзе Ленінскага раёна Берасця 5 снежня па аналагічным артыкуле павінны судзіць мясцовага апазіцыйнага актывіста Андрэя Шарэнду.
На гэты момант, паводле інфармацыі праваабаронцаў, вядома, што Гусеву аштрафавалі на 30 базавых велічынь (765 рублёў), Севярынца — на 50 (1.275 рублёў).
Варта адзначыць, што сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца напярэдадні па тэлефоне выклікалі ў Фрунзенскае РУУС сталіцы з нагоды яго заклікаў выйсці на Кастрычніцкую плошчу ў знак пратэсту супраць падпісання дакументаў аб „паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расеі. Пра гэта палітык напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
belapan.by
