Крама Symbal.by канчаткова спынілі сваю працу на нявызначаны тэрмін
На сайце крамы знойдзем інфармацыю, як падтрымаць Symbal.by і іх супрацоўнікаў у такіх жорсткіх умовах.
За 8 месяцаў сілавікі „разбамбілі” краму нацыянальнай сімволікі. Афлайн- і анлайн-крама Symbal.by канчаткова спынілі сваю працу на нявызначаны тэрмін. Пра гэта напісаў у сваім фэйсбуку Павел Белавус і расказаў пра гэта ў нашым інфармацыйным эфіры.
Праблемы ў symbal.by пачаліся ў чэрвені мінулага года, калі ўлады забаранілі працу афлайн-крамы, а таксама канфіксавалі цішоткі, сцягі і тканіну для вытворчасці. З сакавіка на няпэўны тэрмін спыніла працу і анлайн-крама.
Прыгадвае Павел Белавус:
– Пачынаючы з чэрвеня, калі АМАП затрымліваў наведнікаў крамы каля ўваходу, пасля стаялі кіламетровыя чэргі, пасля да нас прыйшлі з праверкай і спынілі працу афлайн-крамы, але працягнулі працу інтэрнэт-крамы. Але 30 студзеня ўжо гэтага году ў гэтае памяшканне прыйшлі супрацоўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага раёна, забралі ўсе тавары.
Symbal.by цалкам спыніў сваю працу як крама, але застаецца праектам па прасоўванні і папулярызацыі беларускай нацыянальнай сімволікі і культуры. На сайце крамы знойдзем інфармацыю, як падтрымаць Symbal.by і іх супрацоўнікаў у такіх жорсткіх умовах.
Цалкам размова:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Паўла Белавуса.