Кіраўнікі мытных ведамстваў Беларусі і Польшчы дамовіліся
Меры па забеспячэнні „максімальна магчымага пропуску транспартных сродкаў” на беларуска-польскай мяжы абмеркавалі 16 студзеня кіраўнікі мытных ведамстваў дзвюх краін — старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юрый Сянько і кіраўнік Нацыянальнай адміністрацыі даходаў Польшчы Пётр Вальчак.
„Галоўныя мытнікі дзвюх краін прынялі рашэнне пра далейшую актуалізацыю дамоўна-прававой базы, інфраструктурнае развіццё пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы, а таксама забеспячэнне на гэтым участку мяжы максімальна магчымага пропуску транспартных сродкаў”, — паведаміў ДМК.
У рэлізе ведамства зазначаецца, што ў 2019 годзе колькасць грузавых транспартных сродкаў, якія прайшлі праз беларуска-польскую мяжу, перавысіла 1,1 млн — на 5% болей, чым у 2018 годзе, і на 20% болей, чым у 2015 годзе. Штосуткі мяжу ў гэтым кірунку перасякае больш за 3 тыс. грузавых транспартных сродкаў.
„Сёння ў чатырохбаковым фармаце ўзаемадзеянне мытных і пагранічных службаў Беларусі і Польшчы ў выпадку ўзнікнення пазаштатных сітуацый ажыццяўляецца ў межах сістэмы папярэдняга апавяшчэння пра ўзнікненне надзвычайных сітуацый на сухапутнай беларуска-польскай мяжы з мэтай падтрымання рытмічнасці яе перасячэння”, — нагадвае ДМК.
belapan.by